Кніга за гадзіну: калі час - золата, а гісторый хочацца!
Бываюць дні, калі хочацца з галавой нырнуць у захапляльны свет літаратуры, але часу катастрафічна не хапае. Знаёма? Тады гэтая падборка для вас! Мы сабралі кнігі, якія можна прачытаць літаральна за гадзіну ці каля таго. Гэта не значыць, што гісторыі будуць павярхоўнымі або нецікавымі. Наадварот! Кароткі фармат патрабуе ад аўтара максімальнай канцэнтрацыі і ўмення расказаць самае важнае, самае захапляльнае, самае кранальнае ў сціснутыя часы.
Светлая дарога дадому. Таццяна Дземідовіч
Кароткія апавяданні насычаны падзеямі і сапраўды дзіцячым настроем. Галоўная гераіня Настасся, любімая ўнучка сваіх дзядулі і бабулі, у захапленні ад неверагодных адкрыццяў свету прыроды.
Кніга будзе цікавая як зусім малым, так і старэйшым дзецям і іх бацькам. Яна падорыць хвіліны прыгожага слова і дабра.
Рыпучае дрэва. Алена Стэльмах
Падзеі казкі адбываюцца ў даўнія часы ў запаветных лясах Налібоцкай пушчы. Палясоўшчык Янка Жывіца разам з дзедам Лесуном, бабай Ёўгай, Зайцам Доўгія Вушы, Доктарам Дзятлам, дзядзькам Мядзведзем, цёткай Елкай і іншымі насельнікамі пушчы ратуюць Красулю-ласіху ад ліхога чалавека, які за свае кепскія справы пераўтвараецца... у рыпучае дрэва. Гэты твор пра сямейныя традыцыі, сапраўднае сяброўства, беражлівыя адносіны да прыроды.
Сакрэты аднаго каралеуства. Кацярына Хадасевіч-Лісавая
Персанажы кнігі – не людзі, не жывёлы, не расліны... Гэта казачная гісторыя пра загадкавых істот, якія фарсяць у вытанчаных капелюшах, жывуць у сваім асобным каралеўстве і віруюць у эпіцэнтры прыдворных падзей.
Хто ж гэты высакародны, арыстакратычны, шляхетны народ? Завітайце ў таямнічае каралеўства, пазнаёмцеся з яго жыхарамі і даведвайцеся, якія падзеі не на жарт узрушылі іх...
Насціна шчасце. Валерый Максімовіч
У новай кнізе Валерыя Максімовіча маленькія чытачы пазнаёмяцца і пасябруюць з цікаўнай, дапытлівай дзяўчынкай Насцяй, якая любіць ладзіць розныя забаўкі са сваімі сябрамі, а таксама стануць сведкамі казачных здарэнняў, незвычайных прыгод, дзіцячых фантазій, што пакідаюць моцнае ўражанне і стымулююць жаданне глыбей спасцігнуць таямніцы навакольнага свету, яго прыгажосць і непаўторнасць.
Савелій, Ліхтарык і Чароуная фарбачка. Вольга Бялова
Гэта казачна-таямнічая гісторыя пачалася з жоўтай фарбачкі, якая прадавалася ў краме для мастакоў. Маленькае жаўцяня стала прычынай неверагоднага клубка падзей, які прывёў звычайных беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак у краіну Гармоніі.
А там такое здарылася!.. Выданне прызначана для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
