Гучы, роднае слова!
Усяго некалькі гадзін, але і падарункі, і песні, і дранікі радавалі выкладчыкаў і студэнтаў падчас Дня роднай мовы. Гэта штогадовая традыцыя на факультэце журналістыкі. Свята адзначаецца 21 лютага. “ЖурФАКТЫ” даведаліся, чым быў адметны Дзень роднай мовы ў гэтым годзе.
– Я прысутнічала не на ўсіх мерапрыемствах, бо іх было шмат, але па абвестцы зразумела: праграма насычаная, – гаворыць дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання Лілія Георгіеўна Шасцярнёва. – Дзень роднай мовы – адно з самых любімых святаў на журфаку! Штогод нас чакае адмысловы дзень, дзе галоўная роля адведзена роднай мове. Сёлета, як і раней, была гульня «Хмарачос», «Лад жыцця», вечарына з дранікамі і гульнямі, а з новага – цікавы квіз «Скарбы вядзьмарскай гары», «Паэтычная старонка» з маімі калегамі П. П. Жаўняровічам і А. У. Дуброўскім, сустрэча са школьнікамі прафесара В. І. Іўчанкава. На «Ладзе жыцця» выкладчыкі Т. І. Прановіч і І. Д. Воюш распавядалі, як перамагчы свае страхі.
Дацэнт М. Л. Лебедзева падрыхтавала гульню ў пераклад. Першакурснікі атрымалі паэму А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін» у беларускамоўным варыянце Алеся Дудара і павінны былі перакласці яе на рускую мову, захоўваючы рыфму. Прыемны бонус атрымалі ўдзельнікі конкурсу сачыненняў і вершаў: сертыфікат, які дае права на атрыманне дадатковага бала на экзамене па дысцыпліне «Мова і стыль СМК».
Фота Юліі Яновіч
Аўтар: Ганна Тарасевіч
