«Нашай групе выключна пашанцавала з такім бацькам». Да юбілея Віктара Іванавіча Іўчанкава

Гэты чалавек зрабіў вельмі шмат для факультэта журналістыкі БДУ. Ён напісаў не адзін дзясятак навуковых прац і кніг на беларускай мове, колькі год кіруе кафедрай медыялінгвістыкі і рэдагавання, старанна дапамагае маладым даследчыкам рабіць першыя крокі ў навуцы, вучыць студэнтаў так, што яны памятаюць яго выразы і цытаты нават пасля заканчэння ўніверсітэту. А яшчэ так мілагучна спявае! І гэта ўсё пра доктара філалагічных навук, прафесара Віктара Іванавіча Іўчанкава. У сувязі з тым, што 28 чэрвеня Віктару Іванавічу споўнілася 60 год, «ЖУРФАКТЫ» вырашылі апытаць сяброў, калег, студэнтаў таленавітага навукоўца.

«Нашай групе выключна пашанцавала з такім бацькам». Да юбілея Віктара Іванавіча Іўчанкава, image #1

Ім задалі адно і тое ж пытанне: «Як прайшла ваша першая сустрэча з Віктарам Іванавічам, якое першае ўражанне было ад гэтага чалавека?»

Таццяна Мікалаеўна Дасаева, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры міжнароднай журналістыкі:
З Віктарам Іванавічам Іўчанкавым я пазнаёмілася ў другой палове 1980-х гадоў. Ён тады вучыўся ў аспірантуры ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, а я на той час працавала ў Інстытуце літаратуры гэтай жа навукова-даследчай установы. Віктар Іванавіч чалавек шматгранны і надзвычай таленавіты як выкладчык, навуковец, кіраўнік і арганізатар. Па ўсіх напрамках сваёй творчай дзейнасці ён дасягнуў значных поспехаў і гэта вынік настойлівай, напружанай, самааданай працы, сведчанне высокага прафесіяналізму, адданасці справе, якой ён прысвяціў жыццё і якая прыносіць вялікую карысць людзям, Радзіме.
Ён выдатны выкладчык, лектар. Віктар Іванавіч авалодае ўвагай любой аўдыторыі сваім красамоўствам (наздарма ж ён выкладае студэнтам рыторыку), дасканаласцю маўлення (беларуская мова гучыць з яго вуснаў як музыка, заварожвае!), эмацыянальнасцю выказвання сваіх думак, захопленасцю той праблемай, якую агучвае, кампетэнтнасцю, аргументаванасцю. Студэнты разбіраюць яго вобразныя выслоўі на цытаты.
Як навуковец, Віктар Іванавіч вядомы спецыяліст у галіне лінгвістыкі. Ён карыстаецца заслужанай павагай у асяроддзі навукоўцаў. У яго шмат сяброў у Беларусі, Расіі, краінах дальняга замежжа. Пра талент кіраўніка і арганізатара сведчыць атмасфера, якая пануе на кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання, якой кіруе Віктар Іванавіч. Выкладчыкі кафедры праводзяць цікавыя, змястоўныя міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, дні беларускай мовы, ушаноўваюць памяць заснавальнікаў кафедры М. Я. Цікоцкага, А. І. Наркевіча – тым самым працягваючы і ўзбагачаючы лепшыя традыцыі журналістыкі.
Да ўсяго Віктар Іванавіч абаяльны чалавек: усмешлівы, добразычлівы, уважлівы да людзей. А яшчэ ў яго надзвычай прыгожы голас і ён любіць спяваць. Без акампанемента, што называецца – «ужывую». Асабліва пранікальна, кранальна гучыць у яго выкананне песняў на палескім дыялекце. Проста заслухаешся… У іх – адгалосак малой радзімы, успаміны пра дзяцінтсва, захапленне таленавітасцю землякоў, якія стварылі такія песні.
Напярэдадні 60-гадовага юбілею ад шчырага сэрца жадаю Віктару Іванавічу моцнага здароўя, шчасця і дабра яго сям'і і новых творчых здзяйсненняў.
Ягор Рудачэнка, студэнт 4 курса, спецыяльнасці «Літаратурная работа (рэдагаванне)»
Віктара Іванавіча Іўчанкава я ўпершыню сустрэў 30 жніўня 2017 года, калі на факультэце журналістыкі ладзіўся арганізацыйны сход. У той дзень я не размаўляў з маім будучым навуковым кіраўніком, аднак мне запомнілася, як ён шчыра павіншаваў калегу з юбілеем.
Першая больш-менш усвядомленая размова ў нас адбылася 29 лістапада 2017 года. Тады Юлія Мікалаеўна Лук’янюк пасля гульні «Кафедральные бега» прывяла мяне і маю аднагрупніцу Настассю Гаргун да загадчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання (на той момант кафедра яшчэ мела ранейшую назву). Падчас гэтай бяседы Віктар Іванавіч запэўніў нас, што мы можам звяртацца да яго ў любы момант. Пасля сустрэчы я ў чарговы раз упэўніўся, што мне трэба ісці на «рэдагаванне»
Пазней, мы разам з Віктарам Іванавічам пражывалі розныя мерапрыемствы, але самы шчыры ўзровень камунікацыі паміж прафесарам і студэнтам быў усталяваны толькі пасля напісання дыпломнай працы. На мой погляд, галоўная парада, якую мне даў Віктар Іванавіч Іўчанкаў, гучыць так: «Не слухайце іншых людзей – слухайце толькі сябе!»

«Нашай групе выключна пашанцавала з такім бацькам». Да юбілея Віктара Іванавіча Іўчанкава, image #2

Алена Іванаўна Маеўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Была нейкая выкладчыцкая «вечарынка». Ужо дакладна не памятаю з якой нагоды збіраліся, магчыма праднавагоднія святы мы адзначалі. Вось дыскатэка, я стаю задуменна сярод іншых выкладчыкаў у сценкі. І раптам мяне нехта выхоплівае і ў кола танчыць. Гэта аказаўся Віктар Іванавіч. Ён быў такім пякучым брунетам і так нечакана з'явіўся. Вось уласна і першае ўражанне аб гэтым выдатным чалавеку.
Ксюша Сітнік, студэнтка 4 курса, спецыяльнасці «Літаратурная работа (рэдагаванне)»
Знаходзячыся побач з Віктарам Іванавічам, заўсёды адчуваеш сумесь уражанняў: у першую чаргу, глыбокую павагу да аўтарытэту. Але як часта сустракаюцца аўтарытэты, якія ціснуць сваім эга, сваёй адукаванасцю, падкрэсліваючы з нагоды і без сваё іншае, вышэйшае становішча ў параўнанні з табой. З Віктарам Іванавічам такога не бывае ніколі: наадварот, адчуваецца, як прафесар імкнецца дзяліцца ведамі, каб і ты імкнуўся вышэй, да большай адукаванасці. З ім заўсёды спакойна як з навуковым кіраўніком, бо ён заўсёды і дапаможа зарыентавацца ў незнаёмай галіне, і падкажа, на што абавязкова трэба звярнуць увагу, і дасць параду наконт літаратуры. Усё гэта ў суме фарміруе атмасферу па-сапраўднаму гарманічных адносін, якія бываюць у добрых сем'ях паміж бацькамі і дзецьмі. Нашай групе выключна пашанцавала з такім бацькам.
Пётр Леанідавіч Дарашчонак, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры медыялогіі
З Віктарам Іванавічам мы знаёмы вельмі даўно. Ужо нават не памятаю дакладна, калі гэта адбылося. Але першая сустрэча сапраўды запомнілася. Мы з ім працавалі разам у прыёмнай камісіі, калі дэканам факультэта быў Алег Георгіевіч Слука. У нас быў нейкі збор, і вось менавіта тады адна з першых сустрэч у нас з Віктарам Іванавічам і адбылася. Гэта быў такі прыгожы, чорнавалосы малады чалавек з выдатнай беларускай мовай. Калі ён пачынаў размаўляць, яго хацелася слухаць і слухаць. Адкажу шчыра, Віктар Іванавіч неўзабаве стаў загадчыкам кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання. З пачаткам яго творчай дзейнасці, журфак набыў таленавітага і вельмі шчырага чалавека. Мы так пасябравалі з Віктарам Іванавічам. З нашай першай сустрэчы прайшлі дзесяцігодзі, а сяброўста наша толькі мацнее.
Святлана Вячаславаўна Харытонава, загадчыца кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Упершыню Віктара Іванавіча Іўчанкава я ўбачыла як студэнтка на другім курсе факультэта журналістыкі. Ён нам чытаў лекцыі. Першае ўражанне ў мяне было пра яго, як пра вельмі паважанага, аўтарытэтнага прафесара. Шчыра, я Віктара Іванавіча нават крыху пабойвалася. Але, што вельмі здзівіла, адразу ж на першым занятку гэты таленавіты выкладчык даў нам свой нумар тэлефона і сказаў, што мы можам проста яму патэлефанаваць, калі нам нешта не зразумела, альбо нехта затрымліваецца ці не можа прыйсці на пару. Не кожны чалавек, асабліва з такім статусам, гатовы дапамагаць студэнтам у любым пытанні. У зносінах Віктар Іванавіч вельмі просты і спагадлівы, лёгкі і прыемны. Я гэта магу сказаць з упэўненасцю, бо з Віктарам Іванавічам мяне звязвае шмат працы ў навуковым плане.
Яраслаў Даніленка, студэнт 4 курса, спецыяльнасці «Літаратурная работа (рэдагаванне)»
У нас Віктар Іванавіч вёў курс «Медыярыторыка». Запомніўся ён, як чалавек цікавы, аўтарытэтны. Думаю, Віктар Іванавіч адзін з тых людзей, якія сапраўды знайшлі сваю справу ў жыцці. Відаць, як ён любіць беларускую мову і навуку. Віктар Іванавіч з разуменнем ставіўся да тых студэнтаў, якія паралельна з навучаннем працуюць, заўсёды ва ўсім дапамагаў. У мяне склалася толькі прыемнае ўражанне аб гэтым выкладчыку.
Аляксандр Канстанцінавіч Свораб, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі
Да прыходу на факультэт, я, нажаль, не ведаў Віктара Іванавіча. Але з прыходам, калі ўпершыню ўбачыў яго, я адразу зразумеў, што на журфак прыйшоў малады, але вопытны і неверагодна працавіты чалавек. Я адчуваў, что Віктар Іванавіч не проста даследчык, ён яшчэ і рэфарматар. Гэта так і адбылося. Трэба сказаць, што ён яшчэ і цудоўны выкладчык. Студэнты Віктара Іванавіча любілі і любяць. А як ён сваіх студэнтаў паважае! Не вядома, дзе гэты таленавіты чалавек бывае часцей, дома ці на працы. Пры ўсім гэтым, Віктар Іванавіч вельмі да сябе патрабавальны, такую ж дысцыпліну ён жадае бачыць і ад усіх астатніх. Але кожны ў каго ён выкладаў, яму ўдзячны. Віктар Іванавіч сапраўды аддае ўсяго сябе журфаку.

Кірыла ДЗМІТРУК

71 views·1 share